Трэба ведаць: дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь

 

   

 

 

 

 

 

 

 

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру ў 2/3 шырыні сцяга і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер. Дзяржаўны сцяг пастаянна падняты на будынках органаў улады і некаторых дзяржаўных устаноў, устанаўліваецца ў службовых кабінетах кіраўнікоў гэтых органаў (устаноў), у школах, на выбарчых участках, вывешваецца ў час розных урачыстых мерапрыемстваў. Пры адначасовым падняцці або ўстанаўленні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і сцяга іншай дзяржавы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь павінен быць падняты або ўстаноўлены з правага боку, а сцяг іншай дзяржавы – з левага, калі стаць тварам да іх. Грамадзяне могуць вывешваць Дзяржаўны сцяг як унутры, так і звонку памяшканняў у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні. Пры гэтым абавязковай умовай з'яўляецца захаванне павагі да Дзяржаўнага сцяга як сімвала дзяржавы. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, выраблены ў настольным варыянце, можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца арганізацыямі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. 

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы "Рэспубліка Беларусь". Выява Дзяржаўнага герба размяшчаецца на будынках органаў улады і шэрагу дзяржаўных устаноў, унутры службовых кабінетаў іх кіраўнікоў, а таксама на пячатках гэтых органаў, на манетах, пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь. У адрозненне ад Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўны герб мае больш афіцыйнае значэнне, таму не прадугледжваецца магчымасць яго свабоднага выкарыстання грамадзянамі. У прыватнасці, забараняецца яго размяшчэнне на візітных картках асоб, якія не з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі. Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і герба адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца з левага боку ад іншага герба, калі стаць тварам да іх. Пры адначасовым размяшчэнні няцотнай колькасці гербаў Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца ў цэнтры, а пры размяшчэнні цотнай колькасці гербаў (больш за два) – злева ад цэнтра. 

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, што выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве. Дзяржаўны гімн мае сваіх аўтараў: музыку да яго напісаў беларускі кампазітар Н. Ф. Сакалоўскі, а словы – беларускія паэты М. М. Клімковіч і У. І. Карызна.

Мы, беларусы – мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі,

Шчыра сябруем, сілы гартуем

Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі

Мы баранілі родны парог,

У бітвах за волю, бітвах за долю

Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў – сіла народаў –

Наш запаветны, сонечны шлях.

Горда ж узвіся ў ясныя высі,

Сцяг пераможны – радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дзяржаўны гімн выконваецца ў пачатку і ў шэрагу выпадкаў на  заканчэнні важных дзяржаўных і грамадскіх падзей, у тым ліку пры ўступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду – пасля прынясення ім Прысягі. Грамадзяне могуць выконваць (праслухоўваць) Дзяржаўны гімн у час народных, працоўных, сямейных свят і іншых урачыстых мерапрыемстваў пры забеспячэнні неабходнай павагі да яго. У якасці знака выяўлення павагі да Дзяржаўнага гімна пры яго афіцыйным выкананні прысутныя слухаюць яго стоячы (мужчыны – без галаўных убораў, ваеннаслужачыя, іншыя асобы, для якіх прадугледжана нашэнне форменнага адзення, – у адпаведнасці з заканадаўствам).